«Самы доўгі допыт цягнуўся восем гадзін»
23.03.2018
Сустрэўшы Алену МАРОЗ на вуліцы, наўрад ці здагадаешся, кім працуе гэта прыгажуня. Яна старшы следчы Фрунзенскага (г. Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта.
— Усведамленне таго, што хачу быць юрыстам, прыйшло ў 10—11 класе. Добра спрацавала агітацыйная група Акадэміі МУС, якая прыходзіла да нас у ліцэй. Чым зацікавіла прафесія следчага? Калі спытаць маіх сяброў, сям'ю, усе скажуць, што я — змагар за справядлівасць. Тым больш дзяўчына ў форме заўсёды выглядае прыгожа.
Пры паступленні ў акадэмію Алена вельмі хвалявалася. Конкурс быў шалёны: дзяўчат 20 на месца. Прахадныя балы — нароўні з БДУ. Але для яе ўсё склалася ўдала. ВНУ Алена скончыла з чырвоным дыпломам. Тата і мама, вядома, хвалююцца за дачку, але выбар прафесіі падтрымалі.
Следчым дзяўчына працуе чацвёрты год. Расследуе цяжкія і асабліва цяжкія крымінальныя справы. У асноўным гэта незаконны абарот наркотыкаў, гвалтоўныя дзеянні. «Найбольш складаныя злачынствы тыя, дзе пацярпелымі з'яўляюцца маленькія дзеці, — прызнаецца гераіня. — Такія справы заўсёды запамінаюцца. Вельмі цяжка не прапускаць праз сябе гэтыя гісторыі і размяжоўваць асабістую прастору і работу. Натуральна, ты хвалюешся за дзяцей».
— Ці ўдаецца адключаць эмоцыі і кіравацца ў рабоце толькі логікай?
— Я лічу, у мяне атрымліваецца ставіцца нейтральна да ўсіх удзельнікаў крымінальнай справы. Гэта залог якаснага расследавання, бо як бы ні хацелася ў некаторых сітуацыях падтрымаць нейкі бок, трэба дзейнічаць згодна з законам, а не пачуццямі.
А вось жаночая інтуіцыя ў рабоце дапамагае. Алена тлумачыць: следчы — прафесія творчая, якая прадугледжвае нестандартны падыход. Трэба ўлічваць мноства варыянтаў развіцця падзей, бо ніколі не ведаеш, як стане паводзіць сябе чалавек у нейкай сітуацыі.
— Бывала, што дапытваныя ставіліся да вас несур'ёзна?
— Гэта вельмі хутка праходзіла, літаральна пасля першых дадатковых пытанняў, — усміхаецца дзяўчына. І ўспамінае, што самы доўгі допыт у яе практыцы цягнуўся восем гадзін: сведка ніяк не хацеў казаць праўду.
Два-тры разы на месяц Алена заступае на сутачнае дзяжурства. Пры неабходнасці разам з аператыўнай групай выязджае на месца злачынства. У дзень бывае да 10 выездаў. Следчы ў гэтай групе галоўны, таму ў часовым падначаленні маладой дзяўчыны могуць быць нават падпалкоўнікі.
У Фрунзенскім раённым аддзеле, дарэчы, працуе шмат прадстаўніц прыгожага полу. «Мне здаецца, жанчыны — яшчэ больш грозныя следчыя, чым мужчыны, — заўважае гераіня. — Мы вельмі стараемся дакапацца да праўды».
У вольны час Алена займаецца веласпортам. Кажа, гэта дапамагае пераключыцца ў думках ад работы. Плюс трымаць сябе ў добрай форме важна для работніка праваахоўных органаў: раз на год даводзіцца здаваць нарматывы фізпадрыхтоўкі.
Дзяўчына прызнаецца, што строгі следчы яна толькі на рабоце: прафесія патрабуе — ты нясеш велізарную адказнасць за лёсы людзей. Але за межамі працоўнага кабінета яна вельмі жыццярадасны чалавек.
Алена замужам. Цікавімся: напэўна, абранніку было няпроста заваяваць яе сімпатыю?
— Мне патрэбны нейкі час, каб больш даведацца пра чалавека і пачаць давяраць яму. Гэта датычыцца не толькі сямейных адносін.
— Навыкі следчага ў сямейным жыцці спатрэбіліся?
— Пытанняў да мужа ў мяне не ўзнікае. Спадзяюся, і не давядзецца нічога расследаваць, — усміхаецца.
— Хто ў пары галоўны?
— У нас раўнапраўе. Я за дэмакратыю ў адносінах. Але жанчына павінна сумяшчаць у сабе і строгага следчага, і гаспадыню, і маму. У яе шмат прафесій, акрамя яе асноўнай работы.
— На вашу думку, што важна для сучаснай жанчыны?
— Стабільнасць, клопат і ўвага блізкіх, усведамленне таго, што шчаслівыя яна і яе родныя. А яшчэ важна быць задаволенай тым, кім ты з'яўляешся на гэты момант.
Чытайце матэрыял газеты «Звязда» «Гісторыі беларусак з «нежаночымі» прафесіямі» поўнасцю на сайце выдання: http://www.zviazda.by/be/news/20180306/1520354969-gistoryi-belarusak-z-nezhanochymi-prafesiyami

Следственный комитет
